НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.

Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як ​2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)